Slavistica Vilnensis ISSN 2351-6895 eISSN 2424-6115
2025, vol. 70(2), pp. 161–164 DOI: https://doi.org/10.15388/SlavViln.2025.70(2).12
Aliaksandr Parshankou / Аляксандр Паршанкоў
Univerzita Karlova, Praha, Česká republika / Charles University, Prague, Czechia
E-mail: aliaksandr.parshankou@belarus-institute.cz
ORCID iD: https://orcid.org/0009-0007-3386-8809
https://ror.org/024d6js02
Анатацыя. У паведамленні прадстаўлены фрагменты Кнігі Суддзяў Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў прыватнай калекцыі. Знойдзены пераплет з дакладнай датай (1528 г.), для вырабу якога былі выкарыстаныя аркушы Бібліі Скарыны, дазваляе больш дэтальна разгледзець пытанне знаходжання Скарыны ва Уроцлаве.
Ключавыя словы: Францыск Скарына, Майстар HB, Кніга Суддзяў, старадрукаваныя кірылічныя выданні.
Summary. The announcement presents newly discovered fragments of the Book of Judges printed by Francysk Skaryna, now held in a private collection. The identification of the binding as dating from 1528, together with the use of sheets from Skaryna’s Bible in its construction, allows for a more detailed examination of the question of Skaryna’s presence in Wrocław.
Keywords: Francysk Skaryna, Master HB, Book of Judges, old printed Cyrillic editions.
Santrauka. Pristatomi rasti nauji Pranciškaus Skorinos išleistos Teisėjų knygos fragmentai, kurie saugomi privačioje kolekcijoje Prahoje (Čekija). Fragmentai aptikti 1528 m. datuotame įriše. Jo gamybai buvo panaudoti Skorinos Rusėniškosios Biblijos lapai. Radinys leidžia detaliau ištirti Skorinos buvimo Vroclave aplinkybes.
Reikšminiai žodžiai: Pranciškus Skorina, Meistras HB, Teisėjų knyga, senieji kiriliniai spaudiniai.
Received: 2025 10 30. Accepted: 2025 11 28
Copyright © 2025 Aliaksandr Parshankou / Аляксандр Паршанкоў. Published by Vilnius University Press. This is an Open Access article distributed under the terms of the Creative Commons Attribution Licence, which permits unrestricted use, distribution, and reproduction in any medium, provided the original author and source are credited.
У кастрычніку 2025 г. у прыватнай калекцыі ў Празе ўдалося выявіць канвалют выданняў дзеячоў ранняй рэфармацыі (фармат in octavo, падрабязнае апісанне гл. ніжэй). Пераплёт высокай ступені захаванасці змяшчае ў сабе фрагменты выдання Францыска Скарыны, выкарыстаныя ў якасці матэрыялу для вырабу пераплёту. Пераплёт кодэкса з бурай ялавічнай скуры датаваны 1528 г. На адваротным баку пераплёта змешчаныя ініцыялы майстра-пераплётчыка – HB з мужчынскім партрэтам.

Іл. 1. Пярэдняя частка пераплёта. Кніга Суддзяў, арк. 6 адв., фрагмент (Прага, 15.12.1519 г.). Фота аўтара
Пярэдняя і задняя часткі пераплёта кодэкса складаліся з фрагментаў Кнігі Суддзяў, апошняга пражскага выдання Скарыны, датаванага 15 снежня 1519 г. Падчас рэстаўрацыі кодэкса было выяўлена 14 фрагментаў Кнігі Суддзяў. Кожны фрагмент уяўляе сабой палавіну арыгінальнага (in quarto) аркуша Бивлии Скарыны. Перад рэстаўрацыяй былі бачныя толькі арк. 5 (Іл. 2) і арк. 6 (Іл. 1).

Іл. 2. Задняя частка пераплёта. Кніга Суддзяў, арк. 5 ліц., фрагмент (Прага, 15.12.1519 г.). Фота аўтара
Усяго ж пераплёт складаўся з арк. 3 (3 асобнікі), арк. 4 (3 асобнікі), арк. 5 (4 асобнікі), арк. 6 (4 асобнікі). Большасць фрагментаў у вельмі добрай ступені захаванасці, частка пашкоджаная часам.
Канвалют складаецца з пяці камплектных экзэмпляраў выданняў на лацінскай мове:
1. Bartholomäus Westheimer, Tropi insigniores veteris atqve Novi Testamenti, svmma cvra, per Barptholomevm Vvesthemervm collecti. Indicem troporvm in ordinem alphabeticum redactum, reperies lector in frontispicio libelli, Basel, Thomas Wolff, 1527.
2. [Otto Brunfels], Loci omnium ferme Capitum Euangelij secundum Matthaevm. B.R., Argentorati (Strasbourg), Johann Schott, 1527.
3. [Otto Brunfels], Loci in marcum. Quod et Petri Compendiu[m], uel Epitome uocant. B.R. [Strasbourg, Johann Schott, 1527].
4. [Otto Brunfels], Loci in lvcam axiomata De Autoritate Ecclesiae. Quemadmodum Lex a Deo data, & rursum abrogata per Christum. De[que] Legis ui & autoritate. B.R. [Strasbourg, Johann Schott, 1527].
5. [Otto Brunfels], Loci in Ioannem. Lege Lector, et tum indica. B.R. [Strasbourg, Johann Schott, 1527].
Першаснае даследаванне пераплёту дазваляе атаясаміць пераплётчыка з Майстрам HB, які працаваў ва Уроцлаве ў 1520–1540-я гг. [Haebler 1929, 39–41]. Майстар HB пераплятаў кнігі для вядомага сілезскага рэфарматара Яна Хеса, а таксама аказваў аналагічныя паслугі ўроцлаўскаму магістрату [Burbianka 1957, 9–11].
Выяўлены экзэмпляр з‘яўляецца на сённяшні дзень першым па храналогіі і адзіным дакладна датаваным кодэксам (1528 г.), у вокладцы якога былі знойдзеныя фрагменты выданняў Ф. Скарыны.
Выяўленне і даследаванне фрагментаў выданняў Скарыны пачалося з 1810-х гг. і дазволіла зрабіць некаторыя высновы аб біяграфіі Скарыны [Немировский 1990, 241–245]. Асобнае месца ў гэтых даследаваннях займаюць пераплёты, якія маюць уроцлаўскія правіненцыі. Знойдзены аўтарам гэтага паведамлення пераплёт становіцца яшчэ адным аргументам на карысць здагадкі аб магчымых кантактах Скарыны з вроцлаўскімі кнігавыдаўцамі [Морозова, Паршенков 2024, 29–32].
Папярэдняе даследаванне трох кароткіх запісаў розных стагоддзяў паказвае, што кодэкс бытаваў ва Уроцлаве, але ў сярэдзіне XVIII ст. апынуўся на мяжы Сілезіі і Славакіі. Ужо ў 2025 г. экзэмпляр, прывезены незадоўга да гэтага са Славакіі, быў выстаўлены на продаж у адной з букіністычных крамаў Прагі.
На сённяшні дзень фрагменты выданняў Скарыны, вынятыя з пераплётаў, захоўваюцца ў бібліятэках Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Расіі. Іх дэталёвае вывучэнне – справа будучыні. Цяпер рыхтуецца публікацыя, якая прадставіць вынікі даследавання выяўленага ў Празе кодэкса, пераплёт якога змяшчае важныя сведчанні, непасрэдна звязаныя з кніжнай прадукцыяй беларускага першадрукара ў кантэксце свайго часу і яго значэнне для скарыназнаўства.
BURBIANKA, M., 1957. Oprawy wrocławskich ksiąg miejskich w XVI wieku. Wrocław: nakładem Biblioteki Uniwersyteckiej we Wrocławiu.
HAEBLER, K., 1929. Rollen-und Plattenstempel des XVI. Jahrhunderts / unter Mitwirkung von Ilse Schunke, verzeichnet von Konrad Haebler, bd. 2. Leipzig: Harrassowitz.
МОРОЗОВА, Н., ПАРШЕНКОВ, А., 2024. Франциск Скорина, Вроцлав и Адам Дион: книжная миграция и первый палеотип Великого княжества Литовского, Slavistica Vilnensis, 69(2). 21–40. https://doi.org/10.15388/SlavViln.2024.69(2).2
НЕМИРОВСКИЙ, Е. Л., 1990. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Минск: Мастацкая лiтаратура.
BURBIANKA, M., 1957. Oprawy wrocławskich ksiąg miejskich w XVI wieku. Wrocław: nakładem Biblioteki Uniwersyteckiej we Wrocławiu.
HAEBLER, K., 1929. Rollen-und Plattenstempel des XVI. Jahrhunderts / unter Mitwirkung von Ilse Schunke, verzeichnet von Konrad Haebler, bd. 2. Leipzig: Harrassowitz.
MOROZOVA, N., PARSHENKOV, A., 2024. Francisk Skorina, Vroclav i Adam Dion: knizhnaya migraciya i pervyj paleotip Velikogo knyazhestva Litovskogo, Slavistica Vilnensis, 69(2). 21–40. https://doi.org/10.15388/SlavViln.2024.69(2).2
NEMIROVSKIJ, E. L., 1990. Francisk Skorina: ZHizn’ i deyatel’nost’ belorusskogo prosvetitelya. Minsk: Mastackaya litaratura.